Пу-пу-пу... Сёння падкасту «Праз космас» спаўняецца 4 гады.Чатыры гады. Нават не верыцца, што прайшло столькі часу.Я дагэтуль добра памятаю, як купіў свой першы танны мікрафон, сеў запісваць першы выпуск і нават уявіць не мог, што гэтая гісторыя зацягнецца настолькі. Тады я проста хацеў расказваць па-беларуску пра космас і ўсё тое, што мяне так захапляе.І вось мінула чатыры гады, выйшла ўжо 110 выпускаў, а цяпер я рыхтую 111-ы. Праўда, пакуль сам не ведаю, калі менавіта атрымаецца яго запісаць. За гэты час змянілася вельмі шмат. Спачатку падкаст выходзіў штотыдзень. А гэта азначала, што амаль усе мае выхадныя праходзілі за напісаннем тэксту, запісам і мантажом. Потым я перайшоў на адзін выпуск раз на два тыдні, а цяпер стараюся выпускаць хаця б адзін на месяц.Не буду хаваць, што часам мне вельмі не хапае тых часоў, калі атрымлівалася займацца падкастам рэгулярна. Але ў нейкі момант давялося выбіраць: альбо зусім закрыць праект, альбо працягваць рабіць яго тады, калі ёсць магчымасць. І я выбраў другое.Бо, нягледзячы на ўсе перапынкі, мне па-ранейшаму хочацца гэтым займацца.А ведаеце, што мяне асабліва радуе? У сярэднім кожны выпуск набірае 350–400 праслухоўванняў (з улікам поўных праглядаў на YouTube). Магчыма, для кагосьці гэта невялікія лічбы, але для мяне гэта проста фантастыка! І тут я хачу сказаць вялікі дзякуй кожнаму з вас.Дзякуй усім, хто слухае «Праз космас», чакае новых выпускаў, ставіць падабайкі, піша каментарыі і дзеліцца падкастам з сябрамі. Паверце, усё гэта вельмі матывуе працягваць, асабліва калі часу і сіл застаецца няшмат.Асобная і вельмі вялікая падзяка ўсім, хто падтрымліваў і працягвае падтрымліваць падкаст праз Patreon і Buy Me a Coffee. Некаторыя з вас робяць гэта ўжо шмат гадоў, і я сапраўды цаню вашу падтрымку і давер. Дзякуючы вам я разумею, што гэтая праца патрэбная не толькі мне.Не ведаю, колькі яшчэ выпускаў атрымаецца запісаць і якім будзе пяты год існавання падкаста. Не хачу нічога абяцаць наконт рэгулярнасці, бо жыццё ўжо не раз карэктавала планы.Але дакладна ведаю адно, што «Праз космас» усё яшчэ жывы. І пакуль у мяне ёсць магчымасць, я буду працягваць.Дзякуй, што ўсе гэтыя чатыры гады вы са мной. І што разам працягваем цікавіцца гэтым неверагодным Сусветам.